Folk Tale

Дванаццаць паляўнічых

Translated From

Die zwölf Jäger

AuthorJacob & Wilhelm Grimm
Book TitleKinder- und Hausmärchen
Publication Date1812
LanguageGerman

Other Translations / Adaptations

Text titleLanguageAuthorPublication Date
De twaalf jagersDutchM.M. de Vries-Vogel1940
I dodici cacciatoriItalian__
De tolv jægereDanish__
Os doze caçadoresPortuguese__
Los doce cazadoresSpanish__
The twelve huntsmenEnglishMargaret Hunt_
The Twelve HuntsmenEnglishAndrew Lang1892
ATU884
LanguageBelarusian
OriginGermany

Жыў каралевіч, і была ў яго нявеста, якую ён вельмі любіў. Ён цешыўся сваім шчасцем, але раптам атрымаў вестку, што яго бацька захварэў, памірае і хоча перад смерцю з ім развітацца. І сказаў каралевіч тады сваёй любай:

- Я павінен ехаць, мне давядзецца цябе пакінуць на нейкі час, дык вось, даю табе на памяць пярсцёнак. Калі я стану каралём, вярнуся назад і забяру цябе.

Сеў ён на каня і паскакаў. Калі ён прыехаў дамоў, бацька паміраў. Ён сказаў яму перад сконам:

- Дарагі мой сын, апошні раз хацеў пабачыцца з табой перад смерцю, абяцай мне, што ты жэнішся па маёй волі...

І назваў ён адну каралеўну, якая павінна была стаць яго жонкай. Сын быў так засмучаны, што не падумаў і сказаў:

- Добра, дарагі мой татачка, хай будзе па вашай волі.

І кароль памёр.

Надышоў час памінак, і сын павінен быў выканаць волю бацькі. Ён накіраваў да той каралеўны сватоў, і яе бацькі далі згоду выдаць дачку за яго замуж. Але пачула пра вяселле першая нявеста і так зажурылася з прычыны яго нявернасці, што ледзь не памерла з гора. І сказаў тады ёй бацька:

- Дачушка мая любая, навошта ты так перажываеш? Што хочаш, тое я і зраблю для цябе.

Падумала дзяўчына хвілінку і кажа:

- Дарагі мой татачка, хачу, каб было ў мяне адзінаццаць падобных на мяне і тварам, і постаццю, і ростам дзяўчат.

І адказаў кароль:

- Калі тваё жаданне можа быць выканана - яно будзе выканана.

І загадаў ён шукаць па ўсяму каралеўству падобных на дачку дзяўчат: і тварам, і постаццю, і ростам.

Неўзабаве прывялі іх да каралеўны, і яна загадала пашыць ім дванаццаць аднолькавых паляўнічых касцюмаў, і павінны былі адзінаццаць дзяўчат прыбрацца ў гэтыя паляўнічыя касцюмы, а каралеўна надзела дванаццаты. Потым яна развіталася са сваім бацькам і разам з дзяўчатамі прыехала на сядзібу свайго колішняга жаніха.

Яна спытала, ці не патрэбны каралю паляўнічыя і ці не возьме ён іх усіх разам да сябе на службу. Паглядзеў на яе кароль, але не пазнаў. І таму, што ўсе яны былі маладыя і прыгожыя, ён не адмовіў і сказаў, што ахвотна возьме іх на службу. І былі яны залічаны на службу паляўнічымі.

Але жыў у караля леў, і быў ён зверам чарадзейным, ведаў аб усіх таямніцах. Неяк увечары ён сказаў каралю:

- Ты думаеш, што ў цябе на самай справе дванаццаць паляўнічых?

- Так, - адказаў кароль, - гэта дванаццаць паляўнічых.

Тады леў і кажа:

- Ты памыляешся - гэта дванаццаць дзяўчат.

А кароль пярэчыць:

- Такога не можа быць... Ну, як ты мне дакажаш, што гэта дзяўчаты?

- О, загадай толькі рассыпаць у пярэдняй гарох, - адказаў леў, - і ты адразу пераканаешся. У мужчын крок цвёрды, упэўнены: яны пройдуць па гарошынах і не адну не зрушаць; а дзяўчаты - тыя ідуць дробненька, асцярожна, шаркаюць нагамі, вось гарошыны і раскотваюцца па падлозе.

Каралю спадабалася парада, і загадаў ён рассыпаць гарох у пярэдняй.

Але ў караля быў адзін слуга, які добра адносіўся да паляўнічых. Пачуўшы, што іх хочуць выпрабоўваць, ён прыйшоў да дзяўчат і аб усім расказаў.

Падзякавала слугу каралеўна і звярнулася да дзяўчат:

- Ну, цяпер усё залежыць ад вас - старайцеся ступаць па гарошынах цвёрдым, упэўненым крокам.

На другі дзень раніцою кароль пазваў да сябе паляўнічых. І калі яны апынуліся ў пярэдняй, дзе быў рассыпаны гарох, то прайшлі па гароху ўпэўнена і цвёрда, і паходка была ў іх моцная і прыгожая, і ні адна гарошына не пакацілася, нават з месца не зрушылася.

Калі дзяўчаты пайшлі, кароль кажа ільву:

- Ты сказаў мне няпраўду: яны прайшлі, як мужчыны.

Леў растлумачыў:

- Дзяўчаты даведаліся, што іх будуць выпрабоўваць і абдумалі, як ім ісці. Ты вось загадай паставіць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў: прыдуць дзяўчаты, убачаць калаўроты і адразу абрадуюцца... мужчыны радавацца не будуць.

Каралю спадабалася парада, і ён загадаў паставіць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў.

Ды слуга, які жадаў дабра паляўнічым, пайшоў і адкрыў і гэтую задуму караля. Застаўшыся сам-насам са сваімі дзяўчатамі, каралеўна сказала ім:

- Трымайце сябе ў руках і на калаўроты нават не пазірайце.

І вось, калі на другі дзень раніцою кароль пазваў сваіх дванаццаць паляўнічых, яны абыякава прайшлі праз пярэднюю, на калаўроты не зірнулі нават.

Тады кароль зноў кажа ільву:

- Ты мяне падмануў: гэта мужчыны, на калаўроты яны не зірнулі.

Леў адказаў:

- Яны і на гэты раз даведаліся, што іх хочуць выпрабаваць.

Але кароль ужо больш не верыў ільву. Дванаццаць паляўнічых з гэтага часу заўсёды суправаджалі караля на паляванні. Яны ўсё больш і больш яму падабаліся. Неяк у час палявання прыйшла вестка, што нявеста караля знаходзіцца ўжо ў дарозе. Пачула гэта сапраўдная нявеста і зрабілася ёй крыўдна і балюча, так балюча, што нават сэрца амаль перастала ў яе біцца, і яна, беспрытомная, упала. Кароль, убачыўшы, што з яго мілым паляўнічым нешта здарылася, падбег да яго. Жадаючы памагчы, ён сарваў у яго з рукі пальчатку. І тут убачыў ён пярсцёнак, які падарыў сваёй нявесце, паглядзеў у твар і пазнаў яе. І захвалявалася яго сэрца, пацалаваў ён яе, а калі яна расплюшчыла вочы, сказаў:

- Ты - мая, а я - твой, і ніхто на свеце нас ніколі не разлучыць.

І кароль паслаў насустрач другой нявесце ганца і загадаў прасіць яе вярнуцца назад у сваё каралеўства, так як, маўляў, у яго ўжо ёсць жонка, а хто стары ключ знойдзе, таму новага не трэба.

Тут і вяселле згулялі. І леў зноў трапіў у міласць да караля, бо ён жа яму ўсю праўду сказаў.


Text view